Кафісма 5

Псалом 32

Псалом Давіда.

Радуйцеся, правядныя, Богу,
Правядным належыць усхваляць.

Усхваляйце Госпада на гуслях,
На псалціры ў дзесяць струн спявайце Яму.

Заспявайце Яму песню новую,
Хораша спявайце Яму, з усклікненнем.

Бо праўда слова Божае,
І ўсім справам Яго веруйце.

Любіць міласэрнасць і праўду Госпад,
Міласэрнасцю Божай напоўнена зямля.

Словам Божым неба зацверджана,
І Духам вуснаў Яго — сілы нябесныя.

Збірае, як у мяхі, воды марскія,
Складае бездані ў скарбніцы.

Да баіцца Бога ўся зямля,
Да трапечуць ад Бога ўсе жывучыя ў сусвеце.

Бо Ён гаворыць і робіцца,
Загадвае і ўтвараецца.

Бог разганяе рады плямёнаў,
Адмятае думкі чалавечыя і адмятае рады паноў.

Рада ж Божая навекі будзе,
І думка сэрца Яго — ад роду да роду.

Шчаслівы народ, які мае Бога богам сваім,
Гэта людзі, што Бог узяў у спадчыну Сабе.

З неба глядзіць Бог,
Бачыць сыны чалавечыя.

З прыгатаванай сялібы Сваёй
На жывучых на зямлі паглядае.

Ён адзіны сатварыў сэрцы іх,
Ён адзіны разумее ўсе справы іх.

Не ўратуецца цар войскам вялікім,
І волат не ўратуецца мноствам сілы сваёй.

Конь не дапаможа ўратавацца,
Вялікай сілай сваёй не ўратуецца.

Вось вочы Божыя глядзяць на багабаязных,
На тых, хто спадзяецца на міласнасць Яго.

Збавіць ад смерці душы іхнія
І накорміць іх у голад.

Душа наша прагне Бога,
Бо Памагаты і Збавіцель наш ёсць.

Бо аб Ім вясяліцца сэрца нашае,
І на імя Ягонае святое спадзяемся.

Няхай будзе, Божа, міласэрнасць Твая да нас,
Бо спадзяёмся на Цябе.

Псалом 33

Псалом Давіда, калі ён зрабіўся непрытомным перад Авімэлехам,
І той адпусціў яго, і пайшоў ад яго.

На ўсякі час дабраслаўлю Бога,
Заўсёды на вуснах маіх хвала Яму.

Богам хваліцца душа мая,
Да пачуюць незласлівыя і ўзвясяляцца.

Разам са мной узвялічым Бога,
Разам узнясем імя Ягонае.

Шукаў Бога і пачуў мяне,
І ад усіх бядотаў збавіў мяне.

Падыдзіце да Яго і прасвятліціся,
І твары вашы не пасаромяцца.

Вось бедны заклікае, і Бог чуе яго,
І ад усіх бядотаў збавіць яго.

Паўстане анёл Божы вакол богабаязных
І абароніць іх.

Пакаштуйце і ўбачце, які добры Бог,
Шчаслівы чалавек, што спадзяецца на Яго.

Бойцеся Бога ўсе святыя Яго,
Бо не маюць нястачы багабаязныя.

Багатыя згалеюць і запрагнуць,
Шукаючыя Бога не пазбавяца аніякага дабра.

Падыдзіце, дзеці, паслухайце мяне,
Страху Божыю навучу вас.

Хто такі чалавек, што жыццця жадае,
Што жадае бачыць добрыя дні?

Ён трымае язык свой ад ліха,
І вуснамі сваімі не гаворыць няпраўду.

Ён хароніцца ліха і творыць дабро.
Ён шукае міра і імкнецца да яго.

Вочы Божыя да правядных,
І вушы Яго — да маленняў іх.

Бачыць Божа і ліха дзеючых,
І панішчыць на зямлі памяць пра іх.

Заклікнуць правядныя, і Бог пачуе іх,
І ад усіх бядотаў іх збавіць.

Недалёка Бог ад нязлосных сэрцам,
І рахманых духам уратуе.

Шмат бядотаў у правядных,
Але ад усіх Бог збавіць іх.

Захавае Бог усе косці іх,
Ніводная не пакрышыцца.

Жудасная ў бязбожных смерць,
І нянавіснікі правядных грашаць.

Уратуе Бог душы рабоў Сваіх,
Не грашаць тыя, хто спадзяецца на Яго.

Псалом 34

Псалом Давіда.

Судзі, Божа, крыўдзіцяляў маіх,
Перамажы перамагаючых мяне.

Вазьмі зброю і шчыт
І стань на абарону маю.

Дастань меч і выйдзі супраць ганіцеляў маіх.
Кажы душы маёй, Божа: «Я ратаванне твае».

Да пасаромяцца шукаючыя душы маёй,
Да звернуцца назад і пасаромяцца тыя, што жадаюць мне ліха.

Да зробяцца яны як попел на паветры,
І анёл Божы развее іх.

Да зробіцца шлях іх цёмны і слізкі,
І анёл Божы пагоніць іх.

Бо для нявіннага схавалі яны сетку сваю,
Без віны дамагаліся душы маёй.

Да патрапяць раптоўна ў сеці свае, і капкан, што схавалі, зловіць іх,
І ў пастку няхай да патрапяць.

А душа мая ўзрадуецца пра Бога,
Узвясяліцца аб ратаванні Яго.

Усе косці мае заклікаюць: Божа, Божа, няма падобных Табе,
Ты ратуеш беднага ад рук мацнейшага за яго, сірага і ўбогага — ад рабаўнікоў іх.

Паўсталі на мяне сведкі няправыя,
Аб чым не ведаў, аб тым пыталі мяне.

Адшанавалі мне ліхам за дабро
І забыццём памяці пра мяне.

Калі яны варагавалі са мной, я апрануў лахманы і змірыў пастом душу сваю,
І малітва мая назад да мяне звярнулася.

Як братам і блізкім, я ім дагаджаў,
Як сетуючы і плачучы, змірыўся.

А яны на мяне сабраліся з радасцю, сабраліся параніць мяне,
Не дазналіся, падзяліліся, не змілаваліся.

Спакушалі мяне, падражнялі мяне,
Насміхаліся, скрыгаталі зубамі сваімі.

Божа, ці бачыш? Пакрый душу маю ад ліхадзейства іх,
Ад гэтых ільвоў абарані адзінароднага мяне.

Праслаўлю Цябе ў царкве шматлюднай,
Сярод народа ўсхвалю Цябе.

Да не ўзносяцца нада мной варагуючыя на мяне без праўды,
Нянавідзячыя мяне дарэмна, што перамігаюцца вачыма.

Бо мірна звяртаюцца да мяне,
Але задумляюць ліха.

Раззявілі на мяне вусны свае,
Мовяць: «Так, так, бачылі вочы нашы».

Убач, Божа, гэта, не прамаўчы,
І не пакінь мяне, Божа мой.

Паўстані, Божа, і звярніся да праўды маёй,
Божа, Божа мой, — і да гэтай цяжбы маёй.

Судзі мяне, Божа, па праўдзе Тваёй,
Божа мой, Божа, да не павясяляцца яны пра мяне.

Да не кажуць у сэрцы сваім: «Добра, добра для нас».
Да не кажуць яны: «Пажрэм яго».

Да пасаромяцца ўсе разам, хто майму гору радуецца,
Да агарнуцца ў сорам, хто нада мною ўзносіцца.

Да парадуюцца і павясяляцца ўсе жадаючыя мне праўды,
І няхай кажуць і кажуць: «Да ўзнясецца Бог, што жадае міра рабу Свайму».

І язык мой узвесціць праўду Тваю,
Кожны дзень — пахвалу Тваю.

Псалом 35

Кіроўцу хору. Раба Божага Давіда.

Мовіць ў сабе найбяззаконнік грэх,
Бо няма страха Божыя перад вачыма яго.

Бо падманвае сябе самаго,
Не знойдзе грэх свой каб ўзнянавідзіць яго.

Словы вуснаў яго — бяззаконне і крыўда,
Не жадае дабро рабіць.

Грэх задумляе на ложку сваім,
Ня ліхі шлях становіцца, на загану не абураецца.

Божа, на Небе міласэрнасць Твая
І праўда Твая вышэй за хмары.

Праўда Твая, як горы Божыя, лёсы Твае — бездань вялікая,
Людзей і скатоў, Божа, ратуеш.

Як памножыў міласэрнасць Сваю, Божа!
Сыны чалавечыя пад крыламі Тваімі прытуляцца.

Панасычаюцца ад тука хаты Тваёй,
І струменямі асалоды Тваёй напоіш іх.

Бо ў Цябе крыніца жыцця,
У святле Тваім убачым святло.

Павяліч да ведаючых Цябе міласэрнасць Тваю,
І праўду Тваю — да правых сэрцам.

Да не падыдзе да мяне нага гардзеі,
І рука бязбожная да не ўцягне мяне.

Там пападалі ўсе робячыя ліха,
Адгорнутыя і паўстаць нямоглыя.

Псалом 36

Псалом Давіда.

Не спаборнічай з хлуслівым,
І не зайздросці робячым бяззаконне.

Бо яны, як трава, хутка пажухнуць,
І як зяляніна хутка пасохнуць.

Спадзявайся на Бога і рабі дабро,
Засялі зямлю і багацце яе пажнеш.

Суцешся Богам,
І Ён падасць па прашэннях сэрца твайго.

Адчыні Богу шлях свой
І Ён сатворыць, калі спадзяешся на Яго.

І запаліць, як святло, праўду тваю,
І лёс твой — як сонца апоўдзень.

Павінуйся Богу і спадзявайся на Яго,
Не зайздросць шчаснаму на шляху сваім чалавеку, які бяззаконне творыць.

Спыні гнеў і пакінь лютасць,
І падступнасці не пераймай.

Бо пагінуць усе падманлівыя,
А хто разам з Богам, той заселіць зямлю.

Вось-вось і не будзе бязбожнага,
І захочаш знайсці месца яго і не знойдзеш.

А незласлівыя зямлю заселяць
І мірам вялікім суцешацца.

Назірае грэшны правяднага
І паскрыгоча зубамі на яго.

Бог жа пасмяецца з грэшнага,
Бо бачыць апошні дзень ягоны.

Павынімалі мячы грэшныя, нацягнулі лукі свае,
Каб трапіць у беднага і сірага, трапіць у правыя сэрцам.

Меч да пройдзе сэрца іх,
І лукі іх пераломяцца.

Лепей малы здабытак правяднага,
Чым багацце грэшнага вялікае.

Бо моц грэшных пакрышыцца,
А правядных умацуе Бог.

Бачыць Бог шлях беззаганных,
І набытак ім навекі будзе.

Не пасаромяцца ў гадзіну ліхую,
У галодныя дні наядуцца, а грэшныя згінуць.

Ворагі Божыя ўзносяцца і славяцца,
Але знікнуць нібы дым знікаючы.

Бярэ грэшны і не аддае нічога,
Правядны жа шчодры і раздае.

Бо дабраславячыя Бога заселяць зямлю,
А праклінаючыя Яго знікнуць.

Бог крокі чалавечыя правіць,
І Ён спрыяе шляху праведнага.

Калі падзе, то не паб’ецца,
Бо Бог падтрымае за руку яго.

Быў малады і вось састарэў, але не бачыў правяднага пакінутым,
Ні дзяцей яго, што хлеба просяць.

Увесь дзень міласэрны і шчодры правядны,
І род яго дабраславены будзе.

Ухіляйся ад ліха і дабро рабі,
І векі вечныя жыць будзеш.

Бо Бог любіць правасуддзе і пабожных Сваіх не пакіне, у век захаваюцца,
Бяззаконныя ж адрынуцца і род іхні загіне.

Правядныя ж землю заселяць,
І паселяцца на ёй на векі.

Вусны правяднага навучаюцца прамудрасці,
І язык ягоны кажа праўду.

Закон Божы ў сэрцы яго,
І не спатыкнецца нага ягоная.

Наглядае грэшны правяднага
І шукае як забіць яго.

Але ў рукі яго не дасць Бог правяднага,
І, калі будзе суд над ім, апраўдае яго.

Трымайся Бога і захавай шляхі Яго,
І ўзнясе цябе, каб засяліць зямлю, і ўбачыш, як загінуць бязбожныя.

Бачыў бязбожнага, што ўзнёсся вельмі
І ўзвысіўся як кедры ліванскія.

Пабліз падышоў — і няма яго,
Шукаў і не знайшоў месца яго.

Назірай незласлівых і правядных,
Бо сусвет — спадчына іх.

Бяззаконыя пагінуць разам усе,
Не застанецца і рэшткаў бязбожнікаў.

Ратаванне правядных ад Бога,
І Абаронца іх ёсць у гадзіну ліхую.

Да паможа ім Бог, і ратуе іх, і збавіць іх ад бязбожнікаў,
І ратуе іх, бо на Яго спадзяваліся.