Кафісма 13

Псалом 91

Псалом на дзень суботы.

Як добра славіць Цябе, Божа,
І спяваць імю Твайму, Вышні.

Узвяшчаць з раніцы дабрыню Тваю
І кожную ноч праўду Тваю.

На дзесяціструннай псалціры
З песнямі на гуслях.

Бо ўзвясяліў мяне, Божа, сатвораным Табою,
І ўзрадаваў справамі рук Тваіх.

Якія вялікія справы Твае, Божа!
Якія глыбокія задумы Твае!

Чалавек звар’яцелы не зведае,
І неразумны не зразумее.

Вось павырасталі, як трава, грэшныя,
І з’явілiся робячыя бяззаконне, але і знікнуць навекі і векі.

Ты ж, Вышні, навечна, Божа!

Бо ўсе ворагі Твае, Божа, бо ўсе ворагі Твае пагінуць,
І разыдуцца ўсе робячыя бяззаконне.

І ўзнясецца, як у адзінарога, дзяржава мая,
І старасць мая алеем умасціцца.

І ўгледзела вока мае ворагаў маіх,
І паўстаўшых на мяне хлуслівых пачуе вуха мае.

Правядныя, як фінікавае дрэва, заквітнеюць,
Як кедры ліванскія памножацца.

Пасаджаныя ў доме Божым,
Яны ў двары Бога нашага заквітнеюць.

І яшчэ пад старасць ў шанаванні ўзрастуць
І дабрадёнстваваць будуць.

Да ўзвесцяць аб правядным Бозе нашым,
Бо няма няпраўды ў Ім.

Псалом 92

На дзень перад суботай, калі засялілася зямля.
Пахвальная песня Давіда.

Бог вацарыўся, апрануўся прыгажосцю.
Апрануўся Бог сілай і апаясаўся, і зацвердзіў сусвет, што не пахіснецца.

Гатовы ад веку прастол Твой,
Ад веку Ты існуеш.

Узнеслі рэкі, Божа,
Узнеслі рэкі галасы свае.

Узнімуць рэкі хвалі водаў шматгалосых.
Дзіўныя хвалі марскія, дзіўны на небе Госпад.

Замацаваліся ў сведчаннях Тваіх.
Дому Твайму належыць святыня, Божа, на доўгія дні.

Псалом 93

Псалом Давіда на чацвёрты дзень ад суботы.

Бог помсты, Божа,
Бог помсты, не хавайся!

Узнясіся, Суддзя зямлі,
Аддай адданне ганарлівым.

Даколі грэшныя, Божа,
Даколі грэшныя пахваляюцца?

Даколі вяшчаюць і кажуць няпраўду?
Даколі разглаголяць ўсе бяззаконныя?

Людзей Тваіх крыўдзяць
І набытак Твой ганьбяць.

Удаву і сірага змарнавалі
І вандроўніка забілі.

Кажуць сабе: «Не бачыць Бог,
Не зведае Бог Якава».

Абразумцеся вар’яты,
І невукі зразумейце!

Той, хто вуха сатварыў, ці хіба не чуе?
Той, хто вока сатварыў, ці хіба не бачыць?

Кіруючы народамі ці не выкрые,
Каб розуму навучыць?

Бог ведае думкі чалавечыя,
Што яны марныя.

Шчаслівы чалавек, каго Ты Божа навучаеш
І законам накіруеш яго.

Уціхамірыш яго ў дні пакуты
Да часу, калі выкапаецца грэшнаму яма.

Бо не адрыне Бог людзей сваіх
І набытку Свайго не пакіне.

Пакуль праўда не з’явіцца на суд,
І ўсе правыя сэрцам, хто трымае яе.

Хто паўстане за мяне на ілгуноў?
Хто паўстане за мяне на робячых бяззаконне?

Калі б Бог не дапамагаў мне,
То даўно засялілася б у пекла душа мая.

Калі казаў «пахіснулася нага мая»,
То міласэрнасць Твая трымала мне.

Сярод мноства пакут сэрца майго
Суцяшэнні Твае радавалі мяне.

Да не будзе каля цябе прастол беззаконніка,
Супраціўніка Тваіх запаветаў.

Бо пільнуюць душу правяднага
І асуджаюць кроў непавінную.

І стаў мне Бог прытулкам
І надзейнай дапамогай маёй.

І аддасць ім Бог за бяззаконні іх,
І за няпраўды панішчыць іх Уладар Бог.

Псалом 94

Пахвальная песня Давіда.

Прыйдзем і ўзрадуемся Богу!
Усклічам да Бога Ратаўніка нашага.

Сустрэнем твар Божы славаю,
Псаломы спяем да Яго!

Бо Бог вялікі Ўладар,
І Цар Вялікі па ўсёй зямлі.

Бо ў руцэ Яго ўсе прыканцы зямныя,
І вышыні горныя ў Яго.

Бо Ягонае мора, Ён сатварыў яго,
І зямлю рукі Ягоныя зрабілі.

Прыйдзем паклонімся і прыпадзем да Яго,
І заплачам перад Богам, што сатварыў нас.

Бо Ён Бог наш, і мы людзі пажыці Ягонай,
Як авечкі рукі Ягонай, зараз учуйце голас Яго.

Не рабіце жорсткімі сэрцы вашы,
Як тое было, калі прагнявілі і спакушалі ў пустэльні.

«Калі спакушалі Мяне бацькі вашы,
Спакушалі Мяне, кали бачылі справы Мае.

Сорак гадоў гневаўся на той род і казаў:
Заўсёды сэрцам блудзяць, не зведалі шляхоў Маіх.

І прысягаў у гневе Маім,
Што не ўвойдуць у пакоі Мае».

Псалом 95

Псалом Давіда, калі будаваўся дом пасля палону.

Заспявайце Богу песню новую!
Спявай да Бога ўся зямля!

Спявайце Богу, дабраслаўце імя Яго,
Дабраслаўляйце дзень на дзень ратаванне Яго.

Узвясціце сярод народаў славу Яго,
Сярод усіх людзей цуды Ягоныя.

Бо вялікі Бог, і славуты вельмі,
І грозны над усімі багамі.

Бо ўсе багі паганскія — істуканы,
А Бог сатварыў неба.

Слава і прыгажосць перад Ім,
Святыня і веліч у свяцілішчы Яго.

Прынясіце да Бога, плямёны і народы,
Прынясіце Богу пашану і славу.

Прынясіце да Бога славу імя Ягонага,
Бярыце ахвяру і крочце ў двары Яго.

Пакланіцеся Богу ў святым двары Яго,
Да патрасецца ад твару Яго ўся зямля.

Кажыце народам, што ўцарыўся Бог, і выправіць сусвет да ўмацуецца,
І па праўдзе будзе судзіць людзям.

Да вясяліцца неба, да радуецца зямля,
Да затрапеча мора і ўсё, што ў ім.

Узрадуюцца даліны і ўсё, што ў іх,
І ўзрадуецца кожнае дрэва ў дубравах.

Ад твару Божага, што ідзе зямлю судзіць,
Судзіць сусвет і людзей па праўдзе Сваёй.

Псалом 96

Псалом Давіда. Калі ён забудоўваў зямлю.

Бог уцарыўся! Да радуецца зямля,
Да ўзвясяляцца астравы шматлікія!

Хмары і цемра вакол Яго,
Праўда і суд — выснова прастолу Яго.

Полымя ад Яго зыходзіць
І папаляе ўсіх ворагаў Ягоных.

Асвяціў маланкай Сваёю сусвет увесь,
Убачыла і затрапятала зямля.

Горы растапіліся нібы воск ад твару Божыя,
Ад твару Божыя па ўсёй зямлі.

Узвясціла неба праўду Яго,
І ўбачылі людзі ўсе славу Яго.

Да пасаромяцца ўсе, хто кланяецца балванам,
Хто хваліцца ідаламі сваімі, паклоняцца яму ўсе Анёлы Яго.

Пачуў і ўзвясяліўся Сіён,
І ўзрадаваліся дачкі Юдавы дзеля судоў Тваіх, Божа.

Бо Ты, Божа, Вышні над усёю зямлёю,
І вышэй за ўсіх багоў.

Хто Бога любіць, той нянавідзіць няпраўду.
Хавае Бог душы прападобных Сваіх, з рук грэшных ратуе іх.

Свет зазіхаціць правяднаму,
І правыя сэрцам узвясяляцца.

Вясяліцеся, правядныя, пра Бога,
І слаўце памяць святыні Яго.

Псалом 97

Псалом Давіда.

Заспявайце Богу новую песню, бо дзіўна сатварыў Бог,
Ратавала Яго рука Ягоная і святая сіла Яго.

Явіў Бог ратаванне Свае,
Усім народам адчыніў праўду Сваю.

Згадаў мілату Сваю Якаву і праўду Сваю дому Ізраіля,
Убачылі ўсе канцы зямныя ратаванне ад Бога нашага.

Усклікні да Бога ўся зямля!
Заспявайце, радуйцеся і спявайце!

Спявайце Богу на гуслях,
На гуслях і голасам псалціры.

Каванымі трубамі і голасам трубы рожнай
Трубіце перад Царом Богам.

Да затрапеча мора і ўсё, што ў ім,
Сусвет і ўсё, што жыве ў ім.

Рэкі заплешчуцца
І горы ўзрадуюцца.

Ад твару Божага, бо ідзе судзіць зямлю,
Судзіць сусвет і людзям па праўдзе.

Псалом 98

Псалом Давіда.

Бог уцарыўся, да трапечуць людзі,
Да пахіснецца зямля перад Сядаючым на Херувімах.

Вялікі Бог у Сіёне
І вялікі над усімі чалавекамі.

Да славяць вялікае імя Твае.
Бо святое і грознае яно.

І гонар царскі праўду любіць, Ты прыгатаваў суд і справядлівасць,
Праўду ў Якаве сатварыў Ты.

Узнясіце Ўладара Бога нашага,
І пакланіцеся падножжу нагі Яго, бо святое.

Майсей і Аарон — святары Ягоныя, і Самуіл з заклікаючымі імя Ягонае,
Што клічуць Бога, і Ён чуе Іх.

Са слупа хмарнага прамаўляў да іх,
І захавалі адчыненні Яго і запаветы Яго, што даў ім.

Божа, Божа наш, Ты пачуў іх,
Божа, Ты міласэрны быў да іх і аддаў па справам іх.

Узнясіце Бога нашага і пакланіцеся святой гары Яго,
Бо Святы Ўладар Бог наш.

Псалом 99

Псалом Давіда, пахвальны.

Усклікай да Бога, уся зямля!

Рабіце Богу з вясялосцю,
Крочце перад ім з радасцю.

Зведайце, што Бог — гэта Бог наш, Ён сатварыў нас, а мы Яму належым.
Мы людзі Ягоныя і авечкі пажыці Яго.

Увойдзем у брамы Яго са славаю, у двары Яго з песнямі,
Праславім Яго і ўсхвалім імя Яго.

Бо добры Бог і навекі міласэрны,
І нават ад роду і да роду праўда Яго.

Псалом 100

Псалом Давіда.

Міласэрнасць і суд успяю Твае, Божа!

Пяю і разважаю аб шляхах бяззаганных — калі прыйдзеш да мяне?
Хадзіў з сэрцам бяззлобным у доме сваім.

Не пакладаў перад вачыма сваімі рэчы бясчэснай,
Ўзнянавідзіў бясчэсці творачых.

Сэрца ўпартага не было блізкім для мяне,
Хітрага здрадніка я адхіляўся.

Паклёпніка на блізкага ўтайне я праганяў,
З ганарыстым позіркам і пагардлівага — з такімі не вячэраў.

Погляд мой на верных на зямлі і з імі разам сядзеў,
Што ходзяць па шляхам бяззаганным, тыя дагаджалі мне.

Не жыў у доме маім чалавек гардзеі,
Хто няпраўду казаў, у вачах маіх няправы быў.

Зранку змагаўся з грэшнымі зямлі,
Каб панішчыць у горадзе Божым усё бяззаконне.