Кафісма 11

Псалом 77

Павучэнне Асафа.

Слухай, народ, закон мой,
Дахіліце вуха ваша да слоў вуснаў маіх.

Раскрыю для прыпавесці вусны мае,
Вымаўлю прароцтвы ад спрадвеку.

Што чулі мы і даведаліся,
Што бацькі нашы паведалі нам.

І не пазабылася гэта ў дзяцей у родзе іхнім,
Што ўзвяшчаюць славу Божую, і моц Яго, і дзівы Яго, якія сатварыў.

І засведчыў Ён Якаву, і закон паклаў Ізраілю,
І запаведаў яго бацькам нашым, і запаведаў перадаць яго сынам сваім.

Да ўзведае род іхні,
Сыны народжаныя вырастуць і паведаюць сваім сынам.

Да пакладуць на Бога ўсё спадзяванне свае,
І не забудуцца пра справы Божыя, і запавет Ягоны шукаць пачнуць.

Да не зробяцца, як бацькі іх, родам упёртым і мяцежным,
Родам, што не выправіў сэрца свайго, і што не быў верным з Богам ў дусе сваім.

Сыны Яфрэма, што былі лучнікамі узброеннымі,
Але збеглі з бітвы,

Не захавалі запаветаў Божых
І ў законе Ягоным не сталі хадзіць.

І пазабылі пра дабрадзеянні Ягоныя
І пра цуды Яго, што зрабіў ім.

І цуды для прабацькоў іхніх,
Што сатварыў у Егіпце на палі Танеас.

Развёў воды марскія і правёў іх,
Быццам у мех сабраў воды.

І кіраваў іх хмарай у дзень,
І кіраваў іх у ноч святлом полымя.

Вывеў ваду з каменя ў пустэльні
І напаі іх як з калодзежа глыбокага.

І звёў ваду з камяня,
І ракою пацякла вада.

А яны за гэта пачалі грашыць Яму,
Засмуцілі Вышняга ў пустэльні бязводнай.

І спакушалі Бога ў сэрцах сваіх,
Каб даў ім ежу, якая па сэрцу іх.

І паклёп на Бога ўзвялі і казалі:
«Хіба можа Бог зрабіць ежу ў пустэльні?

Адчыніў камень у пустэльні і пацякла вада плынямі воднымі,
Але ж хіба можа хлеб даць ці прыгатаваць ежу для народа Свайго?»

Таму пачуў гэта Бог з пагардаю,
І полымя ўзнялося ў Якаве, і гнеў зышоў на Ізраіль.

Бо не верылі Богу,
Не спадзяваліся на ратаванне Яго.

І загадаў хмарам на небе,
І адчыніў брамы неба.

І як дождж падаў ім ману для ежы,
І хлеб нябесны даў ім.

Хлеб анёльскі елі людзі,
Даў ежы ім досыць.

Узняў на іх вецер з апаўдня,
І навёў сілай Сваёй паўднёвы вецер.

І звёў на іх, як пясок,
Як пясок марскі птушак пярнатых.

І палі да іх вакол стана іх
І вакол сяліб іх.

І елі і насычаліся вельмі,
І насыціў жаданне іхняе.

І не мелі нястачы ў тым, что жадалі.
Але яшчэ ежа была на вуснах іх,

Як гнеў Божы найшоў на іх,
І знішчыў шмат за іх, і шмат выбраных Ізраіля зрынуў.

Але і пасля гэтага яшчэ грашылі,
І не верылі цудам Ягоным.

І зніклі ў мітусні дні іхнія
І гады іхнія прайходзілі марна.

Калі знішчалі іх, то шукалі Яго,
І звярталіся да Яго, і малілі Яго.

І ўспаміналі, што Бог Дапаможца ім,
І што Бог Узвышні — Збавіцель іхні.

І любілі Яго вуснамі сваімі,
Але языком манілі Яму.

Сэрца іх не было правае перад Ім,
І ў запавеце Ягоным не запэўніліся.

Але Бог шчодры, і забываў грахі іхнія, і не губіў,
І вяртаў гнеў Свой, і не запалаў ўвесь гнеў Ягоны.

Ён помніў, што яны — плоць,
Дух, што адыходзіць і не перамяняецца.

Колькі разоў засмучалі Яго ў пустэльні,
Гнявілі яго ў зямлі бязводнай?

То звярталіся да Яго, то спакушалі Яго,
І ўгняўлялі Святога Ізраілявага.

І забылі руку Яго ў дзень,
Калі збавіў іх ад ганіцеляў,

Што паклаў зазнакі Свае ў Егіпце
І цуды Свае на палі Танэас.

І перўтварыў у кроў рэкі іхнія і крыніцы іх,
І не маглі піць.

Паслаў на іх пёсьіх мух, каб жаліць іх,
І жабаў, каб паелі іх.

І аддаў згубе жыта іх,
І працу іх аддаў да саранчы.

Пабіў градам вінішча іх,
І смоквы іх — холадам.

Пабіў градам скот іхні,
І маёмасць іх аддаў агню.

Даслаў на іх лютасць Сваю,
Лютасць, гнеў і бядоты даслаў цераз анёлаў-загубцаў.

Паклаў шлях гневу Свайму і не пашкадаваў жыцця іх,
І скот іх да смерці дадаў.

І знішчыў усё першароднае на зямлі егіпецкай,
Усе спачыны іх у сялібах Хама.

І ўзняў, як статак оўчы, людзей Сваіх,
І павёў іх па пустэльні.

І навучыў іх не палохацца,
І ворагаў іх морам накрыў.

І прывёў іх на гору святыні Сваёй,
На гору, што надбаў рукою Сваёй.

І прагнаў ад твару іх народы, і па жэрабю ім межы падзяліў,
І засяліў у сялібы іх калена Ізраілявы.

Але спакушалі і прагняўлялі яны Бога Ўзвышняга,
І адчыненняў Яго не захавалі.

Адвярнуліся і адпрэчыліся,
Як і бацькі іхнія ператварыліся ў лук няверны.

І прагнявілі Яго курганамі сваімі
І істуканамі сваімі абразілі Бога.

Пачуў і ўбачыў гэта Бог і абурыўся на Ізраіль.
І пакінуў скінію Сіломску — сялібу, дзе Ён быў сярод людзей.

І аддаў у палон замчышчы іх,
І маёмасць іх — у рукі ворагаў.

І аддаў пад меч народ Свой,
І набытак Свой адрынуў.

Юнцоў іхніх пажэрла полымя,
І дзевам іх не спяваў ніхто.

Святары іхнія пагінулі ад мяча,
І ніхто не аплакаў удавіц іхніх.

І паўстаў, быццам ад сну, Бог,
Буйны і моцны, быццам як ад віна.

І адкінуў ворагаў сваіх узад,
Зрабіў панашэнне вечнае ім.

І адрынуў сялібу Іёсіфа,
І род Яфрэма не выбраў.

А выбраў род Юдавы,
Гару Сіён, што палюбіў.

І пабудаваў, як сялібу аднарога, сялібу Сабе,
І на зямлі заснаваў яе навекі.

І выбраў Давіда раба свайго Сабе.
І прыняў Яго ад статку оўчага.

Ад даяроў пасвіць Якава, раба Свайго,
І Ізраіль, набытак Свой.

І стаў пасці іх нязлобным сэрцам,
І рукой разумеючай кіраваў іх.

Псалом 78

Псалом Асафа.

Божа, прыйшлі паганыя на набытак Твой,
Апаганілі храм святы Твой.

Ператварылі Ерасулім у сховішча гародніны,
Кінулі трупы рабоў тваіх на снеданне птушкам нябесным, плоць прападобных Тваіх — звярам зямным.

Пралілі кроў іх, як ваду, вакол Ерусаліма
І не пахавалі іх.

Ма сталі ганьбай для суседзяў нашых,
Насміхаліся і зневажалі нас існуючыя вакол нас.

Даколі, Божа, прагнявіўся на нас?
Калі ўзгарыцца полымем рэўнасць Твая?

Пралі гнеў Твой на народы не зведаўшых Цябе,
І на царства, што не заклікаюць імя Твайго.

Бо пажэрлі Якава
І зямлю яго спустошылі.

Не памінай нашых грахоў былых.
Няхай ахіне нас шчодрасць Твая, Божа, бо збяднелі зусім.

Дапамажы нам, Божа, Ратаўніча наш, дзеля славы імя Твайго.
Божа, захавай нас і ачысці грахі нашы імя Твайго дзеля.

Да не кажа паганы:«Ну і дзе ж Бог іх?»
Да ўбачым сярод паганых помсту перад вачыма нашымі за кроў рабоў Тваіх.

Да дасягне да Цябе стогн вязняў,
Па вялікай моцы Тваёй захавай сыноў забітых.

Аддай суседзям нашым у сем разоў за ганьбу іх у недра іх,
Што ганьбілі Цябе, Божа.

А мы людзі Твае, Божа, авечкі пашы Тваёй навекі,
З роду ў род узвесцім славу і хвалу Табе.

Псалом 79

Кіроўцу хору. На прыладах Шошанім Эдуф. Псалом Асафа.

Пастыр Ізраіля, учуй!
Кіруючы, як статак оўчы, Іосіфа, седзячы на Херувімах, явіся!

Перад Яфрэмам, і Веніямінам, і Манасіяй уздымі моц Тваю,
І прыходзь ратаваць нас.

Божа, звярніся да нас,
Прасвятлі твар Свой і ўратуемся.

Божа, Уладар сілаў!
Даколі гнявішся на малітву рабоў Тваіх?

Накарміў нас хлебам са слязьмі досыць
Напаіў на слязьмі без меры.

Паклаў нас на ганьбаванне суседзям нашым,
І ворагі нашы насміхаюцца з нас.

Божа, Уладар сілаў, звярніся да нас,
І прасвятлі твар Твой да нас, і ўратуемся.

Вінаград з Егіпту прынёс, выгнаў паганых,
І насадзіў яго

Расчысціў месца яму і насадзіў карэнні ягоныя,
І ён напоўніў зямлю.

Пакрыла горы цень ад яго,
І галіны ягоныя абвілі кедры Божыя.

Выцягнуў галінкі свае аж да мора,
І нават да рэкаў галінкі яго.

Навошта зрынуў плот ягоны,
Што абрываюць усе праходзячыя міма?

Пашкодзіў яго вяпрук дубраўны,
І звер самотны паеў яго.

Божа сілаў, звярніся, і паглядзі, і бач,
І наведай вінаград гэты,

І ўмацуй, што насадзіла рука Твая,
І сына чалавечага, якога ўмацаваў Ты.

Бо выкапаны і папалены полымем,
Ад пакарання Твайго пагінуць.

Няхай дабраспрыяе рука Твая чалавеку рукі Тваёй,
І сыну чалавечаму, якога ўмацаваў Сабе.

І не адыдзем ад Цябе,
І ажывіш нас, і імя Твае заклічам.

Божа, Божа сілаў, звярніся да нас,
І прасвятлі твар Свой на нас і ўратуемся.

Псалом 80

Кіроўцу хору. На Гефскай прыладзе. Псалом Асафа.

Радуйцеся Богу, Памочніку нашаму,
Усклікайце да Бога Якава.

Бярыце псалом і грайце на тымпану,
І на псалціры прыгожай з гуслямі.

Затрубіце ў маладзік трубою,
У дзень урачысты свята вашага.

Бо так загадана Ізраілю,
Так вызначана Богам Якава.

Засведчыў Іёсіфу гэта, калі зыходзіў ён ад зямлі Егіпецкай,
Дзе пачуў мову, якой не ведаў.

Зняты з плячэй яго цяжар,
І рук ягоныя ад кошыкаў.

«У самоце паклікаў Мяне, і Я збавіў цябе,
Пачуў цябе сярод буры, выпрабаваў цябе у вады разладу.

Слухайце, людзі Мае, і засведчу вам!
Ізраілю, паслухай мяне!

Не рабі сабе багоў новых
І не пакланіся богу чужому.

Я ёсць Уладар Бог твой, што вывеў цябе з зямлі Егіпецкай,
Адчыні вусны свае, і Я напоўню іх.

І не паслухалі людзі Мае голаса Майго,
І Ізраіль не прыслухаўся да Мяне.

І адпусціў іх па падумках сэрцаў іх,
Няхай ідуць як жадаюць яны.

Калі б людзі паслухалі Мяне,
Калі б Ізраіль па Маім шляхам хадзіў,

То змірыў бы ворагаў іх,
І на прыгнётчыкаў іх паклаў бы руку Маю.

Ворагі Божыя зманіліся перад імі,
І будзе ім свой час.

І насыціў іх хлебам багата,
І насычаў іх мёдам».

Псалом 81

Псалом Асафа.

Бог паўстаў сярод процьмы багоў,
Каб судзіць багоў гэтых.

Даколі будзеце судзіць няправа
І крывадушнічаць перад грэшнымі?

Судзіце справядлива сіротам і бедным,
Апраўдайце беднага і прыгнечанага.

Ратуйце бедных і ўбогіх,
Ад рук грэшных збаўце іх.

Не зведалі, не зразумелі, ходзяць у цемры,
Да пахіснуцца высновы зямлі!

Кажу вам, Вы богі
І сыны Бога Вышняга.

Але вы, як усе чалавекі памрэце,
І як ад гэтых паноў падзеце.

Паўстані, Божа, і суддзі зямлю,
Бо Ты спадкуеш усе народы.

Псалом 82

Песня. Псалом Асафа.

Божа, хто падобны да Цябе?
Не маўчы і не супакойвайся, Божа.

Бо вось ворагі Твае зашумелі,
І нянавіснікі Тваі ўзнялі галовы.

Супраць людзей тваіх хітра задумляюць,
І мяркуюць супраць святых Тваіх.

Казалі: «Пойдзем і панішчым іх па ўсёй зямлі,
Каб забылася імя Ізраіль назаўсёды».

Адзінадушна мяркавалі разам,
Супраць Цябе збіралі саюз:

Сялібы Ідумейскія і Ізмаільцяне,
Мааў і Агаряны,

Гавэл, і Аммон, і Амалік,
Іншапляменнікі з жыхарамі Ціра,

І Ассур прыйшоў да іх —
Сталі сілай супраць сыноў Лота.

Зрабі ім як Мадіяму і Сісару,
Як Іваіму ў плыні Кіссон.

Што загінулі ў Аяндоры,
І зрабіліся ўгнаеннем зямным.

Зрыні паноў іх, як Арыва, і Зіва,
І Зеўса, і Салмана, усіх паноў іх.

Што казалі: «Забярэм сабе
Свяцілішча Бога іх».

Божа мой, зрабі іх як віхуру,
Як салому на вецеры,

Як полымя нішчыць дубравы,
Яяк полымя апаляе горы.

Так панішчы іх бурай Тваёю,
І гневам Тваім змяці іх.

Пакрый твар іх сорамам
І спагоняць імя Твае, Божа.

Да пасаромеюцца і змятуцца навекі,
Пасаромеюцца і загінуць.

І да зведаюць, што імя Твае — Бог,
І Ты Адзіны Вышні па ўсёй зямлі.

Псалом 83

Кіроўцу хору. На Гефскай прыладзе. Карэявым сынам. Псалом.

Як жа сялібы пажаданыя Твае, Божа сілаў!

Тужыць і знемагае душа мая па сялібах Божых!
Сэрца мае і плоць мая ўзрадавалася пра Бога жывога.

Бо і птушка знойдзе сабе дом, и галубіца — гняздо для птушанят сваіх,
А я каля ахвярнікаў Тваіх, Божа сілаў, Цару і Божа мой!

Шчаслівыя, што жывуць у доме Тваім,
У векі вякоў уславяць Цябе.

Шчаслівы чалавек, што мае абарону ў Цябе,
Што ў сэрцы ўзносіцца да Цябе.

У даліне слёз месца прызначанае,
Бо Законадаўца дасць дабраслаўленне.

Ён узыходзіць ад сілы ў сілу,
З’явіцца Бог багоў у Сіёне.

Божа, Божа сілаў, пачуй малітву маю,
Пачуй, Божа Якава!

Абаронца наш, пабач Божа,
І паглядзі на твар Хрыста Твайго.

Бо адзін дзень у сялібах Тваіх лепш за тысячу іншых,
Хацеў бы ляжаць каля ганку Бога майго, чым жыць у сялібах грэшных.

Бо дабрыню і праўду любіць Бог, Бог дабрадар і славу дасць,
Бог не адніме даброт ад тых, што ходзяць не ў злабе.

Божа, Божа сілаў,
Шчаслівы чалавек, што спадзяецца на Цябе!

Псалом 84

Кіроўцу хору. Карэявым сынам. Псалом.

Дабраволіў, Божа, зямлі Сваёй,
Звярнуў з плёну Якава.

Пакінуў бяззаконні людзей Тваіх,
Пакрыў усе грахі іх.

Утаймаваў увесь гнеў Свой,
Утрымаў гнеў і лютасць Сваю.

Звярні нас, Божа ратавання нашага,
І адхілі лютасць Тваю ад нас.

Няўжо навекі прагнявіўся на нас?
І гнеў Твой працягнецца з роду ў род?

Божа, Ты звернешся ажывіць нас,
І людзі Твае ўзвясяляцца пра Цябе.

Падай нам, Божа, ратунак Твой,
Міласэрнасць Тваю падай нам.

Пачую, што кажа мне Бог, Які ўзвесціць мір людзям Сваім,
І прападобным Сваім, і да звяртаючых сэрца да Яго.

Недалёка ратаванне Яго ад богабаязных,
Заселіцца слава ў зямлю нашу.

Дабрыня і праўда сустрэліся,
Праўда і мір аблабызаліся.

Ісціна на зямлі зазіхаціць,
І праўда з неба дахілілася.

Бо Бог дасць даброту,
І зямля дасць плод свой.

Справядлівасць перад Ім пойдзе,
І накіруе па шляху крокі яе.