Кафісма 1

Псалом 1

Псалом Давіда

Шчаслівы чалавек, што не ідзе да рады бязбожных,
І на шлях грэшных не ўстае, і на сядзібе губіцеляў не сядзіць.

Але ў законе Божым ягоная воля,
І ў законе Божым павучаецца дзень і ноч.

І будзе ён як дрэва, пасаджанае пры водных крыніцах, што плады дае ў час свой,
І ліст яго не ападзе, і ўсё, што ні сатворыць — спаспее.

Не так бязбожныя, не.
Але яны як попел, што ўзмятае вецер ад твару зямнога.

Таму не ўзнімуцца бязбожныя на судзе,
І грэшныя — у царкве правядных.

Бо ведае Бог шлях правядных,
А шлях бязбожных загіне.

Псалом 2

Псалом Давіда

Навошта народы мітусяцца,
І людзі задумляюць марнае?

Ўзняліся цары зямныя,
З панамі падняліся на Бога і на Памазанага Яго:

«Скінем з сябе ярмо Іх
І ад кайданоў Іх пазбавімся».

Небажыцель пасмяецца з іх,
Бог пасварыцца на іх.

Тады мовіць у гневе Сваім,
І лютасцю Сваёю змяце іх:

«Я Божы Цар над Сіёнам,
Святою гарою Ягонай.

Слухайце наказ Божы, што Бог да Мяне кажа:
Сыне Ты Мой, Я нарадзіў Цябе.

Прасі да Мяне, і дам Табе ў статак народы зямныя
І ўсю зямлю ад краю да краю ва ўладанне Табе.

Ты папасеш іх жалезным жазлом,
Разбурыш, як тыя гліныя жбаны».

Таму зразумейце, зямныя цары,
І, суддзі зямлі, навучыцеся.

Са страхам служыце да Бога,
І радуйцеся ў трапятанні Яму.

Прыміце наказ гэты, да не калі Бог прагнявіцца,
Каб не загінулі на няправым шляху,

Бо неўзабаве ўзгарыцца лютасць Ягоная.
Шчаслівы тыя, хто спадзяюцца на Бога.

Псалом 3

Псалом Давіда, калі ён уцякаў ад Авесалома, сына свайго.

Божа мой, што ж так памножыліся ворагі мае?
Шмат паўстала на мяне.

Шмат кажа да душы маёй:
«Бог не ўратуе яго».

Але Ты, Божа, Збавіцелю мой, слава мая,
І ўздымеш дагары галаву маю.

Голасам сваім усклічу да Бога,
І пачуе мяне ад гары Свае святыя.

Я заснуў і спаў, але прачнуўся
І цяпер абараняе мяне Госпад.

Таму не збаюся процьмы людзей,
Што з усіх бакоў абышлi душу маю.

Паўстані, Божа, і абарані мяне.
Ты парушыш зубы грэшных і знішчыш марна варагуючых на мяне.

Ад Бога збаўленне,
І на людзях Тваіх дабраслаўленне Твае.

Псалом 4

Кіроўцу хору. На струнавых прыладах. Псалом Давіда.

Калі заклікаю я, пачуй мяне, Божа праўды маёй!
У цясноце Ты даеш мне прастору, уміласэрніся і пачуй маленне мае.

Род чалавечы, навошта благія сэрцам?
Навошта любіце марнае і няпраўду шукаеце?

Вось бачыце, як Бог дзівосна сатварыў святому Свайму,
Бог пачуе мяне, калі ўсклічу я да Яго.

Гневаючыся, не грашыце,
І аб чым казалі ўдзень у сэрцы сваім, аб тым на ложку вашым умілуйцеся.

Рабіце ахвяры праўды
І спадзявайцеся на Бога.

Шмат людзей кажа: «Хто дабро нам дасць?»
Праззяў на нас свет Твару Твайго.

Узвясяліў сэрца маё Бог,
А тыя ад памнажэння жыта, віна і алею свайго абагаціліся.

З мірам засынаю і спачываю,
Бо Ты адзіны, Божа, абараняеш мяне.

Псалом 5

Кіроўцу хору. На духавых прыладах. Псалом Давіда.

Словы мае пачуй Божа,
Пачуй заклік мой да Цябе.

Паслухай голас малення майго, Цару мой і Божа мой,
Бо да Цябе я малюся, Божа.

Зранку пачуй голас мой,
Зранку стаю прад Табою — угледзі мяне!

Не заўгодны Табе бяззаконнік,
Не аселіцца ашуканец каля Цябе.

Прагоніш з вачэй Сваіх усіх ліхадзеяў.
Ненавідзіш Ты робячых благое.

Панішчыш усіх, хто гаворыць няпраўду.
Пагрэбуе Бог крыважэрнымі.

Я ж па міласнасці Тваёй увайду ў дом Твой,
Храму святому твайму пакланюся ў страсе Тваім.

Божа кіруй мяне праўдай Тваёю,
Шляхам Тваім накіруй мяне дзеля вораг маіх.

Бо на вуснах іх праўды няма, сэрцам сваім мітуслівыя,
Вуснамі салодка кажуць, але горла іх – гроб адчынены.

Божа, аддай ім: хай загінуць ад намераў сваіх,
З-за шмат бяззаконняў адрыні іх ад Сябе, бо прагнявілі Цябе.

Да ўзвяселяцца ўсе, хто спадзяецца на Бога, і ўзрадуюцца ўвек,
І будзеш жыць з імі, і будуць хваліцца Табою ўсе, хто любіць Цябе.

Ты дабраславішы правяднага, Божа,
Дабраспрыяння шчытом ўзвенчышы нас.

Псалом 6

Кіроўцу хору. На васьміструнавых. Псалом Давіда.

Божа, не ў гневе Сваім выкрывай мяне
І не ў лютасці Сваёй пакарай мяне.

Даруй мне, Божа, немач маю, дай вылячэнне.
Божа, косці мае не нойдуць пакою.

Душа мая ўся ў ліхаманцы,
Божа мой, дзе Ты?

Звярніся, Божа, зноў да мяне і ратуй душу маю,
Ратуй мяне дзеля лагоды Тваёй.

Памерлыя хіба ўсхваляць Цябе?
У пекле хто-небудзь уславіць Цябе?

Утурбаваны я ўздыхненьмі маімі,
Ложак мой мокры ад слёз маіх кожную ноч.

Пацямнела ад ашалеласці вока мае
Саслабеў больш сваіх ворагаў.

Прэч адыдзіце бязбожнікі ўсі ад мяне!
Бо пачуў плач мой Божа, і прыняў маленне мае.

Да пасаромяцца ўсе ворагі мае,
Да завернуцца прэч а ні з чым.

Псалом 7

Псалом Давіда, што спеты да Бога апасля слоў Хуса,
З калена Вяніяміна.

Божа, Божа мой, на Цябе спадзяюся.
Барані мяне ад усіх ганіцеляў маіх і ратуй мяне.

Да не пакрадуць, як той леў, душы маёй,
Калі няма паблізу ні ратавальніка, ні абаронцы.

Божа, Божа мой! Калі я што зрабіў благое,
Калі ёсць якая крыўда на руках маіх,

Калі я адпомсціў ліхам за ліха,
То няхай ўсё згублю ад рук ворагаў маіх.

Тады няхай вораг пазбавіць мяне жыцця і нагоніць мяне і патопча душу маю,
І слава мая няхай пойдзе попелам.

Паўстані ў гневе Сваім, і ўзнясіся над крэпасцю варагуючых на мяне,
Падыміся на суд па наказам, што Ты запаведаў.

І процьмы людзей абыдуць Цябе,
Узнязіся над імі ўвышыню.

Судзі, Божа, людзям усім,
Судзі і мне па праўдзе маёй і па нязлобе маёй.

Да скончыцца злаба грэшных, а правядны няхай ўзмацніцца,
Бо Ты, Божа, выпрабуешы сэрцы па праўдзе.

Ад Бога мне дапамога,
Што ратуе шчырыя сэрцам.

Бог — судзя правядны, моцны і доўгацярплівы,
І не кожны раз гнявіцца Ён.

Ён спагоніць кожны дзень жыцця,
Калі хто зробіць няпраўду, Ён вытанчыць меч Свой і нацягне лук,

І пакладзе ў яго палымяныя стрэлы,
І вытанчыць прылады смяротныя.

Вось бязбожны няпраўдай захварэў, зацяжарыў нянавісцю,
І нарадзіў ману сабе.

Яму капў і вялікі роў,
І сам уваліўся ў яго, што зрабіў.

Ліха яго да яго ж і звярнулася,
І на цемя яго няпраўда сышла ягоная.

Слаўлю Бога за праўду Яго,
І пяю імя Бога Вышняга.

Псалом 8

Кіроўцу хору. На завяршэнне. На Гефскіх прыладах. Псалом Давіда.

Божа, Божа наш! Як жа цудоўна імя Твае па ўсёй зямлі!
Нябёсаў вышэй узнімаецца слава Твая.

З вуснаў дзяцей, немаўлят учыніў Ты хвалу перад тварм вораг Тваіх,
Каб мсціўца і ворага знішыць і сцерці.

Калі пагляджу на нябёсы, што Ты сатварыў,
Зоркі з месяцам, што Ты заснаваў.

Што для Цябе чалавек, што Ты ўзгадаў яго?
І — род чалавечы, што Ты так шануеш яго?

Малым чым змаліў ад анёлаў яго,
Славаю і пашанаю Ты ўшанаваў яго.

Над справаю рук Сваіх Ты паставіў яго,
Усё пакарыў Ты пад ногі яму:

Авечак і валоў усіх,
Таксама — і звяроў палявых,

Птушак на небе, і істотаў марскіх,
Ўсіх, што праходзяць марскімі шляхамі.

Божа ж, Ты Божа наш,
Як жа цудоўна імя Твае па ўсёй зямлі!