Уводзіны

Галашэнні ці што такое псалмы

Ў людзей часта бываюць у жыцці сітуацыі, калі яны пачынаюць галасіць (прычытаць) ад перапаўняючых іх пачуццяў — радасці ці незадаволенасці. Звычайна гэтыя галашэнні маюць некаторую рытмічную форму. Тыповае жыццёвае галашэнне для прыкладу:

Ды што ж гэта робіцца!
Ды калі ж гэта скончыцца!
Ды гэта ніколі не скончыцца!
І г.д.

Асоба галасіць любяць жыхары Блізкага Ўсходу. Гэта, мабыць, у сілу іх паўднёвага тэмпераменту і эмацыйнасці.

Вось з гэтых жыццёвых галашэнняў і ўзніклі псалмы. У сутнасці псалмы — гэта і ёсць тыя самыя галашэнні. І крыніцай гэтых галашэнняў з'явілася духоўнае рэлігійнае жыццё старажытных габрэяў. Таму паняцце «псалом» можна перавесці як «духоўныя галашэнні».

У цэлым жа гэтыя жыццёвыя галашэнні з'яўляюцца той самай протапаэзіяй, з якой вырасла і ўся сусветная паэзія, аж да самых высокіх узораў сусветнага паэтычнага мастацтва. Галашэнні — гэта тая глеба з якой растуць «не ведая стыда» ўсе паэты.

Асаблівасць і «праблема» царкоўнаславянскай Псалціры

Царкоўнаславянская Псалцір — гэта пераклад грэцкай рэдакцыі псалмоў на старажытную славянскую мову. Рабілі пераклады Псалціры яшчэ святыя роўнаапостальныя Мяфодзій і Кірыл. Хаця пра рэальнага аўтара царкоўнаславянскага перакладу псалмаў, які цяпер выкарыстоўваецца ў Рускай Праваслаўнай Царкве, мы мала ведаем.

Але, галоўнае відавочна: рабіў гэты царкоўнаславянскі пераклад паэт-багаслоў, а не які-небудзь вучоны кніжнік — філолаг ці філосаф. І гэта ёсць асноўная якасць царкоўнаславянскага Псалціра і «праблема» для яе сучасных перакладнікаў.

Для царкоўнаславянскай Псалціры характэрны свабода мовы, энергія склада і натхненне. Таму перакладніку псалмоў з царкоўнаславянскага таксама трэба адпавядаць гэтай свабодзе, энергіі і натхненню, якія змешчаны ў царкоўнаславянскім варыянце. А я б не сказаў, што цяпер можна знайсці паэта са здольнасцю роўнай стваральніку царкоўнаславянскай Псалціры, не кажучы ўжо пра філолагаў, філосафаў і іншых гуманітарыяў. У выніку мы маем мноства розных перакладаў, якія па зместу як бы правільныя, але ў іх увесь час чагосьці не хапае.

Тым не менш перакладаць царкоўнаславянскі варыянт трэба. Хіба што варта пакорліва прыняць той факт, што вы можаце толькі наблізіцца да ўзроўня царкоўнаславянскай Псалціры, але ніяк не перасягнуць яго.

Тэмпа-рытм

Псалмы, як галашэнні — гэта ў першую чаргу вусновы, гутарковы жанр. Псалмы маюць свой уласны тэмпа-рытм, які дазваляе гэтыя псалмы дэкламаваць рэчытатывам і іх спяваць. Для гэтага кожны псалом падзелены на асобныя вершы.

Услы́ши, Бо́же, моле́ние мое́, вонми́ моли́тве мое́й.
От коне́ц земли́ к Тебе́ воззва́х, внегда́ уны́ се́рдце мое́, на ка́мень возне́сл мя еси́, наста́вил мя еси́.
Я́ко был еси́ упова́ние мое́, столп кре́пости от лица́ вра́жия…́жия…

У сваю чаргу кожны верш псалма з'яўляецца двухрадкоўем. Гэта значыць кожны верш рытмічна і лагічна можна падзяліць на два радкі.

Услы́ши, Бо́же, моле́ние мое́,
вонми́ моли́тве мое́й.

От коне́ц земли́ к Тебе́ воззва́х, внегда́ уны́ се́рдце мое́,
на ка́мень возне́сл мя еси́, наста́вил мя еси́.

Я́ко был еси́ упова́ние мое́,
столп кре́пости от лица́ вра́жия…

У адпаведнасці са сваім унутраным слыхам, магу сказаць, што тэмпа-рытм кожнай страфы псалма адпавядае тэмпа-рытму падвойнай Іісусавай малітвы — «Госпадзе, Ісусе Хрысце, сыне божы, міласцівы будзі мне грэшнаму». Можна тэмпа-рытм псалмаў звесці да прасцейшага дзіцячага рытму: та́-та, та́-та, та́-та-та — та́-та, та́-та, та́-та-та.

Але, напэўна, лепш паслухаць, як гэта гучыць. Праслухаць некаторыя псалмы на беларусскай мове магчыма на веб-сайце аўтара перакладу belursus.info.

Стылістыка

У псалмах паказана тое, што завецца Богапрысутнасцю. Богапрысутнасць адлюстроўваецца як у змесце, так і ў форме Псалціры. Непасрэдны змест псалмоў — гэта лямант чалавека да Нябачнага, ці, можна сказаць, да Бездані.

Таму што стоячаму перад Безданню чалавеку не да паэтычных выкрутасаў і літаратурнай самарэалізацыі. І менавіта пры звароце да Першапрычыны больш усяго падыходзяць галашэнні — простыя, немудрагелістыя, шчырыя.

І таму тут крыецца яшчэ адзін падводны камнь сучасных перакладаў Псалціры. Перакладнікі спрабуюць ператварыць псалмы ў нейкую вытанчаную высокастылёвую славеснасць. Уласна кажучы, на стаўленні да псалмаў як да нейкай адмысловай формы царкоўнай вытанчанай славеснасці, стаяць як супернікі перакладаў царкоўнаславянскай версіі пісанняў, так і змагары за пераклады. Такі вось цікавы парадокс.

А ніякай вытанчанай славеснасці ў псалмах няма. Хоць бы зноў жа таму, што перакладаў на царкоўнаславянскую мову паэт геній, такі ж як і цар Давыд. А для геніяў, як казаў Пушкін, вытанчанасць не ўласціва.

«Вытанчанасць не даказвае яшчэ розуму. Дурні і нават вар'яты бываюць дзіўна вытанчаныя. Дадаць можна, што вытанчанасць рэдка злучаецца з геніем, звычайна прастадушным, і з вялікім характарам, заўсёды адкрытым».

Менавіта таму для майго перакладу была абрана «не вытанчаная» з пункту гледжання аматара вытанчанай славеснасці беларуская мова — вясковая, сельская простая мова. Я і сам не чакаў, што беларуская мова так падыходзіць для перакладу царкоўнаславянскай версіі псалмаў.

Змест

Асноўнае, што трэба пры чытанні псалмоў і асабліва пры перакладзе — гэта пазбягаць адсябеціны пры тлумачэнні зместу. Лепшым варыянтам тут з'яўляецца выкарыстанне ўжо гатовых святаойчых каментароў да псалмоў.

Апошні варыянт майго перакладу Псалціры на беларускую мову ўзгаднены з каментарамі на псалмы свяціцеля Афанасія Вялікага. Ён пакінуў каментары як да кожнага псалма, так і да шматлікіх асобных вершаў Псалціру. Яго каментары да Псалціры — гэта адна з лепшых багаслоўскіх прац, якая нават перад неспрактыкаваным чытачом максімальна глыбока расчыняе сапраўднае значэнне і сэнс гэтых старажытнікаў тэкстаў.

Акадэмічнасць

Як сказана вышэй, мой пераклад на беларускую мову, ня гледзячы на кансерватыўнасць, не з'яўляецца акадэмічным. Для дасягнення акадэмічнага ўзроўня тут трэба даводзіць шматлікія маўленчыя звароты да нарматыўнай арфаграфіі, бо я часта выкарыстоўваю больш прастамоўныя выразы. Магчымы і граматычныя памылкі і апіскі, бо асабістага карэктара ў мяне няма.

Асобна трэба звярнуць увагу на надпісанні псалмоў, дзе я не выяўляў строгага пэдантызму. Гэта значыць, калі ў цэлым дадаць да гэтага перакладу педантызм, то можа атрымаецца і акадэмічны пераклад Псалціры на беларускую мову.

Астапчык Міхаіл, 2015